У Беняконях на беларуска-літоўскай мяжы пашыраць паўнамоцтвы мытнікаў

З 1 жніўня ў яшчэ двух пунктах пропуску на беларускай мяжы пашыраць паўнамоцтвы супрацоўнікаў Дзяржаўнага мытнага камітэта. Гаворка ідзе пра аўтамабільны і чыгуначны пункт пропуску «Беняконі», расказалі ў Дзяржаўным мытным камітэце.

27.07.2022 / 21:39

У абавязкі мытнікаў у пазначаных пунктах пропуску, акрамя ажыццяўлення мытных аперацый, будзе ўваходзіць праверка дакументаў кіроўцаў грузавікоў, дамоваў абавязковага страхавання ўладальнікаў транспартных сродкаў, кантроль выканання правілаў знаходжання іншаземцаў, а таксама правілаў транзітнага праезду.

Увогуле падобных пунктаў, дзе мытнікі будуць здзяйсняць асобныя функцыі памежнай службы, у Беларусі стане дзевяць. Паведамляецца, што ў хуткім часе абавязкі супрацоўнікаў ДМК пашыраць яшчэ ў 12 пунктах пропуску. Пасля таго мытныя органы будуць ажыццяўляць асобныя функцыі органаў памежнай службы практычна ва ўсіх пунктах пропуску, праз якія ідуць грузавыя аўтамабілі, і яшчэ ў сямі чыгуначных. 

Nashaniva.com