БелТА не напісала ні слова аб прыездзе Пушыліна ў Брэст. А сустрэцца з ім паслалі чыноўнікаў ніжэйшага рангу

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін, які сёння быў нечакана заўважаны ў Брэсцкай крэпасці, напісаў у сваім тэлеграм-канале пра свае беларускія сустрэчы. 

27.07.2022 / 23:10

Паводле Пушыліна, у Брэсце яны «разам з намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім, старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў Мікалаем Красоўскім і кіраўніком рэгіянальнай арганізацыі «Белая Русь» Аляксандрам Бахановічам абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння Брэсцкай вобласці і Данецкай Народнай Рэспублікі».

Звяртае на сябе ўвагу нізкі ўзровень пушылінскіх кантактаў. З ім не палічыў патрэбным сустрэцца нават старшыня Брэсцкага аблвыканкама, не кажучы пра каго-небудзь высокапастаўленага з Мінска. 

Другое, што звяртае на сябе ўвагу — пра прыезд Пушыліна паведамляе толькі ён сам, а беларускія дзяржаўныя СМІ проста маўчаць. Праўладнае агенцтва БелТА, якое звычайна прыезд любога расійскага губернатара падрабязна абсмоктвае і бясконца цытуе любыя выказванні госця з усходу, пра Пушыліна сёння не згадала аніводным словам. Аналагічна зрабілі і брэсцкія рэгіянальныя праўладныя рупары. Не напісалі пра сустрэчу з Пушыліным і на сайце Брэсцкага аблвыканкама — там сёння толькі «чествовали лучших выпускников школ, получивших 100 баллов на ЦТ». 

Вельмі падобна на тое, што візіт Пушыліна быў зроблены супраць жадання Лукашэнкі і з'яўляецца элементам нейкай гульні з боку Масквы. 

Nashaniva.com