У Гомельскім раёне 60-гадовы мужчына пагражаў 12-гадоваму падлетку нажом

У Гомельскім раёне 12-гадоваму падлетку пагражаў нажом і патрабаваў спусціць штаны 60-гадовы знаёмы яго бацькі.

09.08.2022 / 14:42

Як піша тэлеграм-канал «Обратная сторона», бацька прывёз сына да свайго знаёмага збіраць маліны.

Пакуль той працаваў на вуліцы, гаспадар выпіваў у сябе ў доме. А калі дайшоў да патрэбнай кандыцыі, стаў даймаць падлетка і патрабаваў ад яго спусціць штаны.

Хлопчык намагаўся не рэагаваць. Тады мужчына адвёў яго ў дом, схапіў нож і стаў пагражаць ім.

У гэты час вярнуўся бацька, пачуў крыкі і кінуўся ў дом. Разбірацца са сваім знаёмым мужчына не стаў, а проста павёз сына дадому і выклікаў міліцыю.

Супрацоўнікам міліцыі мужчына заявіў, што нічога не памятае, і спрабаваў усё тое, што адбылося, спісаць на алкаголь. За пагрозу забойствам яго могуць прыгаварыць да тэрміна да трох гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com