Лукашэнка запатрабаваў «кардынальна вырашыць праблему з даўгабудам» у Мінску

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць кардынальныя меры для вырашэння праблемы даўгабудаў у Мінску. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па адпаведнай тэматыцы на пляцоўцы комплекснай рэканструкцыі забудовы ТАА «Мінскі гарадскі тэхнапарк», паведамляе БелТА.

15.08.2022 / 12:08

Фота: president.gov.by

Лукашэнка прывёў шэраг прыкладаў розных недабудаваных аб'ектаў у сталіцы, у тым ліку ў цэнтральных раёнах. Гэта, на яго думку, кажа аб тым, што ў сталіцы бязладдзя больш, чым дзе-небудзь.

«Жулікаў тут хапае, але і маруднасць гарадскіх чыноўнікаў таксама мае месца. І вы як ніхто павінны разумець, што гэта не толькі помнікі безгаспадарчасці», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.

«Ёсць старшыня гарвыканкама, упаўнаважаныя па горадзе і аж цэлы памочнік, — сказаў ён. — Час прымаць кардынальныя меры, пачынаючы з газпрамаўскіх праектаў і заканчваючы будаўніцтвам жылля».

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць аб сітуацыі з завяршэннем будаўніцтва аб'ектаў на месцы былога завода МВАВТ, перспектывах развіцця тэрыторый Мотавелазавода, шляхах вырашэння праблемы іншых даўгабудаў сталіцы.

Nashaniva.com