Алег Дзерыпаска падаў у суд на Алега Цінькова за абразы. Ён патрабуе 2 мільярды расійскіх рублёў

Бізнэсмен Алег Дзерыпаска звярнуўся ў суд з іскам аб абароне гонару і годнасці. Адказчыкі — вядомы бізнэсмен, заснавальнік банка «Тинькофф» Алег Цінькоў і кампанія Meta, паведамляе «Интерфакс».

15.08.2022 / 12:58

Алег Цінькоў

Іск пададзены ў раённы суд Краснадарскага краю, на заўтра прызначаны пачатак разгляду.

Па словах адваката Дзерыпаскі Аляксея Мельнікава, іск пададзены з-за абразлівых выказванняў Цінькова ў фэйсбуку.

З Цінькова Дзерыпаска просіць спагнаць 2 мільярды рублёў у якасці кампенсацыі маральнай і рэпутацыйнай шкоды. Таксама Дзерыпаска просіць суд абавязаць выдаліць з фэйсбука «інфармацыю, што не адпавядае рэчаіснасці».

Які менавіта пост Цінькова стаў прычынай звароту ў суд расійскага алігарха, не ўдакладняецца.

У красавіку абмяркоўвалася, што Цінькоў у каментарыях у фэйсбуку папрасіў не параўноўваць яго з Дзерыпаскам, назваўшы яго «алігархам і злодзеем», а самога сябе — сумленным прадпрымальнікам, нагадвае «Медуза».

Nashaniva.com