Хрэнін патлумачыў падтрымку Беларуссю ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, выступаючы на X Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, патлумачыў падтрымку афіцыйным Мінскам расійскай агрэсіі супраць Украіны. Паводле яго, яе прычынай стала «прэвентыўная рэакцыя на ваенную пагрозу супраць Беларусі».

16.08.2022 / 12:14

 

Фота: Мінабароны РБ

Паводле Хрэніна, «у гарніле» ўкраінскага ваеннага канфлікту працягваюць «каваць» сілы для вайны супраць Беларусі».

Прыкладам гэтаму ён прывёў «фармаванне і падрыхтоўку фармаванняў нацыяналістычнага толку, тыпу Палка Каліноўскага і яму падобных».

«Іх далейшым прызначэннем можа быць развязванне грамадзянскай вайны ўжо на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Падобныя дзеянні з'яўляюцца для нас ваеннай пагрозай і будуць лакалізавацца ўсімі наяўнымі сіламі і сродкамі», — сказаў Хрэнін.

Nashaniva.com