Традыцыя вырабу чоўна на Палессі атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці

Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны аднагалосна падтрымала прапанову, якую зрабіў «Нацыянальны парк «Прыпяцкі», паведаміла Міністэрства культуры.

16.08.2022 / 16:29

Жывая спадчына вырабу прыпяцкага чоўна захоўваецца ў вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

«Супольнасць вёскі Перароў лічыць чоўнадаўбленне часткай сваёй культурнай спадчыны, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і з’яўляцца фактарам фармавання лакальнай ідэнтычнасці гэтай супольнасці: яны яшчэ памятуюць са слоў старэйшага пакалення, што човен быў неабходным водным транспартам у кожнай сям'і, бо вёска знаходзіцца на беразе Прыпяці і штогод падчас веснавых разліваў «плавала», пакуль не пабудавалі дамбу», — адзначаецца ў канале Міністэрства культуры.

Ініцыятыва аб наданні традыцыі вырабу чоўна ў Перарове статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці паходзіла ад начальніка навуковага аддзела «Нацыянальны парк «Прыпяцкі» Андрэя Бяспалага. Прыпяцкія чоўны выкарыстоўваюцца ў спаборніцтвах падчас фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», адным з арганізатараў якога з’яўляецца Нацыянальны парк.

Традыцыя вырабу чоўна стане 164-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў адпаведным спісе.

Чытайце таксама:

Майстры, якія вырабляюць чаўны, яшчэ не перавяліся на Палессі

Nashaniva.com