Баранавіцкі краязнаўчы музей загаварыў на «зразумелай мове»

У Баранавіцкім краязнаўчым музеі ўкаранілі «зразумелую мову». Прэзентуюць наведвальнікам навінку 2 верасня, паведаміла БелТА навуковы супрацоўнік музея Ірына Карчэўская.

01.09.2022 / 23:32

З экспазіцыі Баранавіцкага краязнаўчага музея. Фота: museums.by

«Зразумелая мова» прызначаная для тых, хто мае цяжкасці ў чытанні і разуменні тэксту. Такі фармат — інструмент для стварэння безбар’ернага асяроддзя.

Новаўвядзенне ўкаранілі па праекце «Доступ да інфармацыі для людзей з інваліднасцю». У ім удзельнічалі музейныя работнікі, настаўнікі-дэфектолагі сярэдняй школы № 13 Баранавіч і супрацоўнікі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

Баранавіцкі краязнаўчы музей адзін з першых у Брэсцкай вобласці ўкараніў у сваю прастору «зразумелую мову». Для даступнасці тут выкарыстоўваюцца простыя моўныя звароты з адназначнымі і найбольш часта ужывальнымі словамі.

Спецыялісты прадставілі правілы наведвання музея, этыкетаж залы прыроды, падрыхтавалі паўнацэнную экскурсію аб флоры і фаўне Баранавіцкага рэгіёна.

«Зразумелая мова» прадугледжвае дапамогу не толькі людзям з інтэлектуальнымі асаблівасцямі, але і пажылым, а таксама іншаземцам. Гэта пашырае кола наведвальнікаў.

На «зразумелай мове» зроблены вельмі простыя подпісы пад экспанатамі», — растлумачыла Ірына Карчэўская.

Nashaniva.com