Справу палітвязня Батуры перадалі ў пракуратуру. Хутка можа адбыцца суд

Жонка палітзняволенага Яўгена Батуры Дзіяна Серадзюк падзялілася ягонымі навінамі: следства скончанае, а справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. Таму судовы працэс над палітвязнем можа хутка распачацца.

03.09.2022 / 14:49

Яўген — інжынер, адпрацаваў 23 гады на адным з вядучых прадпрыемстваў, але перад новым 2022 годам быў звольнены за сваю грамадзянскую пазіцыю. У нацыянальным і грамадскім руху з 2010 года, удзельнічаў у кампаніях падтрымкі палітвязняў розных гадоў, у акцыях па ўшанаванні памяці ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій, у талацэ ў Курапатах. У самога прадзед быў расстраляны ў ліпені 1938 года ў Мінску.

Падтрымайце Яўгена пасылкамі ці бандэролькамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўген Анатольевіч Батура

Nashaniva.com