У Латвіі затрымалі беларуса і ўкраінца, якія вадзілі праз мяжу мігрантаў

4 верасня ў Латвіі затрымалі двух чалавек, якія маюць дачыненне да садзейнічання нелегальнай міграцыі, паведаміла Памежная служба Латвіі.

05.09.2022 / 19:28

У Краслаўскім раёне за тры кіламетры ад беларускай мяжы латвійскія памежнікі і паліцэйскія паспрабавалі спыніць аўтамабіль VW Tuareg. Аднак кіроўца праігнараваў сігнал аб спыненні і толькі павялічыў хуткасць.

Але ўсё ж такі ўрэшце кіроўцу і пасажыра ўдалося затрымаць. Імі аказаліся грамадзянін Беларусі 1996 года нараджэння і ўкраінец 2000 года нараджэння.

Затрыманыя прызналіся, што чакалі каля мяжы людзей, якія павінны былі нелегальна перайсці беларуска-латвійскую мяжу, каб затым пераправіць іх у іншыя краіны Еўрасаюза. Абодва затрыманыя знаходзіліся ў Латвіі без дазвольных дакументаў.

У дачыненні да мужчын заведзена крымінальная справа, яны ўзятыя пад варту. 

Nashaniva.com