Беларускім біятланістам працягнулі забарону на міжнародныя старты

Сёння ў Зальцбургу прайшоў Кангрэс Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU). На ім разглядалася пытанне допуску спартсменаў дзвюх краін да міжнародных спаборніцтваў. Па яго выніках IBU працягнуў забарону на ўдзел беларусаў і расіян у турнірах пад сваёй эгідай. За адхіленне біятланістаў прагаласавалі 39 нацыянальных федэрацый, супраць — 2, яшчэ 5 устрымаліся.

16.09.2022 / 16:30

Нагадаем, што яшчэ ў сакавіку IBU адхіліў беларусаў і расіян ад удзелу ў стартах пад сваёй эгідай. Сённяшняе пасяджэнне працягнула гэтую забарону.

Крыху раней міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук казаў, чаго ён чакае ад Кангрэса.

«Нічога ад іх не чакаем… У спорт умяшалася палітыка, мы супраць палітыкі ў спорце. Беларусь правяла чэмпіянат Еўропы ў 2019 годзе, пасля гэтага Эстонія ў 2020-м не змагла правесці турнір праз адсутнасць снегу. Падставілі плячо, узялі на сябе ўсе выдаткі і правялі чэмпіянат Еўропы. Вось нам сказалі дзякуй за працу, якую мы зрабілі», — скардзіўся Кавальчук.

Nashaniva.com