Пентагон: Іранскія дроны, якія выкарыстоўвае Расія, аказаліся не такімі эфектыўнымі, як лічылі раней

Злучаныя Штаты лічаць, што прымяненне расійскімі сіламі беспілотнікаў, атрыманых ад Ірана, паказала іх «шматлікія няўдачы» на поле бою. Пра гэта на брыфінгу ў пятніцу сказала намесніца намесніка міністра абароны ЗША па палітычных пытаннях Саша Бэйкер, піша CNN.

01.10.2022 / 08:36

«Мы ўжо ўбачылі сведчанні таго, што беспілотныя лятаючыя апараты, якія звязваюцца з Іранам, ужо пацярпелі шматлікія няўдачы на поле бою ва Украіне», — сказала чыноўніца.

Яна дадала, што іранскія дроны не даюць Расіі тэхналагічнай перавагі ў поўнамаштабнай вайне.

«Меркаванне, што яны з'яўляюцца нейкім тэхналагічным рыўком, калі шчыра, проста не пацвярджаецца данымі», — адзначыла прадстаўніца Пентагона.

У жніўні стала вядома, што Расія атрымала ад Ірана «сотні» беспілотнікаў, якія могуць быць выкарыстаныя падчас яе поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Пасля гэтага ўкраінскія вайскоўцы не раз збівалі іранскія беспілотнікі, якія ажыццяўляюць атакі на паўднёвыя гарады.

Nashaniva.com