«Паветраныя шоу» для соцень і мільёнаў. Што такое мурмурацыя? 

Гэтая гіганцкая птушка складаецца з мноства знаёмых нам птушак — звычайных шпакоў. Здольнасць ладзіць такія маштабныя «паветраныя шоу» атрымала назву мурмурацыя, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

02.10.2022 / 19:50

Фота: Daniel Biber

Зладжаныя рухі чарод, што складаюцца з тысяч птушак, часам настолькі складаныя, што здаюцца нерэальнымі. Падчас мурмурацыі птушкі перамяшчаюцца ўзгоднена, як адзіны арганізм: не сутыкаюцца адна з адной, іх рухі сінхронныя і дакладныя.

У палёце чарада можа падзяляцца на часткі і злучацца, групы птушак могуць пралятаць адна скрозь адну на хуткасці да 40 км/г.

У перыяд гнездавання гэтыя птушкі жывуць парамі ці невялікімі калоніямі, а ўвосень збіваюцца ў вялікія чароды. Цягам дня шпакі размяркоўваюцца ў пошуках корму, аднак начуюць птушкі вялікімі чародамі. Менавіта ў вечаровыя і ранішнія гадзіны восенню і зімой найчасцей назіраецца мурмурацыя. У ёй могуць удзельнічаць ад некалькіх сотняў да мільёнаў асобін.

Але навошта шпакам выконваць такія складаныя паветраныя трукі?

Згодна з найбольш распаўсюджаным пунктам гледжання, мурмурацыя — гэта ахоўны механізм, які ратуе птушак ад драпежнікаў.

З'яўленне гіганцкай фігуры можа збіць драпежную птушку з панталыку і прымусіць адмовіцца ад атакі. Аднак нават калі яна нападзе, выхапіць аднаго шпака з мноства суродзічаў, якія сінхронна перамяшчаюцца, будзе няпроста.

Часцей за ўсё паветранымі піруэтамі займаюцца шпакі, але таксама былі заўважаныя за гэтым заняткам верабʼі, ластаўкі, каўкі, вароны і іншыя птушкі.

Nashaniva.com