La Repubblica: У НАТА папярэдзілі краіны альянсу аб выхадзе з базы ВМФ РФ падводнай лодкі, якая нясе «зброю Суднага дня»

Разведка НАТА разаслала саюзнікам справаздачу аб перамяшчэннях падлодкі «Белгарад». Як піша італьянская газета La Repubblica, разведка асцерагаецца, што з атамнай падлодкі можа быць зроблены пуск супертарпеды «Пасейдон», якую называюць «зброяй апакаліпсісу». Тарпеда абсталяваная ядзернай боегалоўкай і здольная выклікаць «радыеактыўнае цунамі», адзначае выданне.

03.10.2022 / 09:19

«Пасейдон» — гэта найноўшыя тарпеды магутнасцю ў некалькі мегатон, здольныя выклікаць 500-метровыя радыеактыўныя цунамі, якія зробяць участкі ўзбярэжжа непрыдатнымі для жыцця на дзесяцігоддзі. Выданне піша, што тарпеды «Пасейдон» могуць знішчыць такія гарады як Нью-Ёрк або Лос-Анджэлес.

На борце «Белгарада» — да васьмі такіх ракет. Лічыцца, што ад іх не існуе эфектыўнай абароны. Таму іх называюць «зброяй Суднага дня».

La Repubblica піша, што створаныя ЗША сістэмы з інфрачырвонымі датчыкамі для адсочвання ракетных пускаў у выпадку з «Пасейдонам» апынуцца бескарыснымі, паколькі «супертарпеда» спраектаваная так, каб выпраменьваць вельмі мала цяпла. Яна бясшумна рухаецца з хуткасцю больш за 100 км/г, адзначае La Repubblica.

Пра ядзерныя тарпеды «Пасейдон» стала вядома пасля таго, як у 2015 годзе на расійскім тэлебачанні была «выпадкова» паказаная старонка прэзентацыі праекта, які тады яшчэ насіў назву «Статус-6».

Аднак, як высветлілі спецслужбы ЗША, «уцечка» была наўмыснай. На думку амерыканскіх чыноўнікаў, паказ ядзернай тарпеды быў часткай плана, накіраванага на тое, каб адгаварыць ЗША ад разгортвання супрацьракетнай абароны ў Еўропе.

ТАСС пісаў, што «Пасейдон» можа несці ядзерную баявую частку магутнасцю да 2 мегатон. Гэта ў 100 разоў больш, чым у бомбы, скінутай на Хірасіму, і ў 10 разоў больш, чым у апошняй версіі ядзернай бомбы B61, распрацаванай у ЗША.

«Пасейдон» любяць выкарыстоўваць расійскія прапагандысты для пагроз Захаду. Так, 1 мая 2022 года Дзмітрый Кісялёў прыгразіў знішчэннем Брытаніі.

Nashaniva.com