Хрэнін выступіў з двухсэнсоўным зваротам

Міністр абароны Віктар Хрэнін выступіў з двухсэнсоўным зваротам, у якім падкрэсліў прынцыповае нежаданне ваяваць з Украінай і Літвой, але пры ўмове іх «правільных» паводзін. Збіраецца Беларусь найбліжэйшым часам ваяваць ці не — са звароту зразумець немагчыма.

10.10.2022 / 17:04

«Калі вы не будзеце прадпрымаць няправільныя крокі, значыць, вайны не будзе», — сказаў Хрэнін.

Ваенная актыўнасць Беларусі, па словах міністра, можа быць толькі адказам на агрэсіўныя дзеянні супраць краіны. Ён заявіў, што Беларусь мае намер толькі абараняцца, папрасіў не правакаваць і паабяцаў даць імгненны і жорсткі адказ у выпадку нападу.

Зрэшты, Хрэнін выказваў не свае думкі, ён увесь час цытаваў Лукашэнку:

«Як было сказана галоўнакамандуючым, адказ будзе імгненным і жорсткім. Таму мы яшчэ раз перасцерагаем ад правакацый. Вы не хочаце з намі вайны — мы не хочам яе таксама.

Для беларусаў хачу сказаць словамі галоўнакамандуючага: «Сітуацыя сёння не настолькі абвостраная, каб панікаваць. Кожны на сваім месцы павінен спакойна займацца сваёй справай. Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь зробяць усё, каб забяспечыць бяспеку».

Nashaniva.com