МУС Украіны: У выпадку нападу з Беларусі ворага спыняць на мяжы

Мінаванне на мяжы Украіны з Беларуссю з'яўляецца выключна абарончым мерапрыемствам, у выпадку ўварвання з поўначы вораг атрымае адпор непасрэдна на мяжы, паведаміў сёння намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Ігар Бандарэнка падчас брыфінгу ў Military Media Center.

12.10.2022 / 16:37

Фота з тэлеграм-канала Кірыла Цімашэнкі

«Логіка дзеянняў Украіны з'яўляецца вымушана абарончай. Мы ўжо мелі факты наземнага ўварвання з боку нашага паўночнага суседа, выкарыстання яго інфраструктуры і ажыццяўлення абстрэлаў — інакш рэагаваць мы не можам.

Страты з боку агрэсара будуць высокія (у выпадку ўварвання з поўначы. — Рэд.), а адпор будзе дадзены непасрэдна на мяжы».

Чыноўнік таксама дадаў, што ў кастрычніку Украіна гатовая да магчымага ўварвання з поўначы ў разы лепш, чым, напрыклад, у чэрвені.

Бандарэнка падкрэсліў, што мінаванне таксама з'яўляецца толькі абарончай мерай: «Мінаванне — гэта меры абарончага характару. Мы гэта робім, каб вораг зразумеў, што адпор будзе дадзены, і не будзе сітуацыі, як у лютым месяцы, калі мы разлічвалі на захаванне практыкі добрасуседскіх адносін, але атрымалі іншы сцэнарый», — сказаў ён.

Перад гэтым старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Анатоль Лапо паскардзіўся, што Украіна, маўляў, рыхтуецца да магчымага наступлення з боку Беларусі, у прыватнасці, узрывае масты і мініруе дарогі.

Чытайце таксама:

Беларускі бок выступіў з дзіўнымі заявамі пра сітуацыю на ўкраінскай мяжы. Прапагандысты прадракаюць забітага памежніка

Nashaniva.com