Супрацоўніцы EPAM, што вярнулася ў Беларусь, далі два гады калоніі

Суд Партызанскага раёна Мінска 14 кастрычніка вынес прысуд супрацоўніцы EPAM Кацярыне Глінскай. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».

14.10.2022 / 12:23

Справу цягам двух дзён разглядала суддзя Наталля Дзядкова.

Кацярыну Глінскую затрымалі разам з сястрой Юляй 22 ліпеня 2022 года і змясцілі ў СІЗА №1 Мінска. Пазней стала вядома, што Юлію арыштавалі на 15 сутак.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што дзяўчына была актыўнай удзельніцай пратэстаў у 2020 годзе, нібыта «блакавала праезную частку».

Кацярына пераехала ў Літву вясной гэтага года. У адзін з разоў, калі яна вырашыла прыехаць у Беларусь да сяброўкі, дзяўчына была затрыманая.

Сілавікі апублікавалі відэа, дзе яна нібыта прызнаецца ва ўдзеле ў пратэстах і перакрыцці руху транспарту. Дзяўчат схапілі, калі яны ішлі да свайго аўтамабіля. Затым у кватэры зрабілі ператрус.

Суд прызнаў Кацярыну Глінскую вінаватай і пакараў двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Nashaniva.com