У Іспаніі стварылі гіперрэалістычную копію параненага цела Ісуса Хрыста

У кафедральным саборы іспанскай Саламанкі выставілі гіперрэалістычную копію цела Ісуса Хрыста з усімі парэзамі і траўмамі, якія маглі застацца на ім пасля катаванняў і распяцця. Арт-аб'ект стварылі пасля 15 гадоў дэталёвага вывучэння Турынскай Плашчаніцы і 3D-рэканструкцыі захаваных на ёй малюнкаў, піша Daily Star.

19.10.2022 / 21:26

Копія цела Хрыста зробленая з латэксу, сілікону і чалавечых валасоў. На ёй ёсць парэзы ад цярновага вянка, раны ад распяцця і траўмы, пакінутыя падчас катаванняў і збіцця па загадзе Понція Пілата, а таксама след ад удару Дзіды Лёсу.

Вага копіі Хрыста — 75 кілаграмаў, рост фігуры — 177 сантыметраў. Афіцыйна яна называецца «Таямнічы чалавек».

«Ніхто не адважваўся зрабіць такое гіперрэалістычнае цела. Мы адважыліся і спадзяемся, што выстава будзе мець абсалютны поспех», — заявіў куратар праекта Альвара Бланка.

«Таямнічы чалавек» будзе знаходзіцца ў іспанскім саборы Саламанкі да снежня, а затым адправіцца ў сусветнае турнэ.

Nashaniva.com