Мінчанка паклікала сантэхніка памяняць змешвальнік, а майстар выставіў фантастычны рахунак

Жанчына выклікала майстра памяняць змешвальнік у душавой кабіне. Мужчына зрабіў усё хутка і якасна, але цана, якую ён выставіў за паслугу, аказалася такой, што жанчына звярнулася са скаргай у Міністэрства падаткаў. Пра гэты выпадак міністэрства паведаміла ў сваім канале.

28.10.2022 / 14:55

Фота: pixabay.com

«Да пачатку прац майстар не азнаёміў мяне з расцэнкамі на паслугі, не даў прэйскурант. Па заканчэнні работ мне выдалі нарад-заказ з цаной работ 432 рублі. Калі я абурылася, зрабілі зніжку. Пры замене дэталі за 8 рублёў цана работ склала 345 рублёў», — напісала ў скарзе жанчына.

Разлічвалася яна наяўнымі грашыма, чэк ёй не выдалі.

Кантралёры міністэрства паабяцалі разабрацца ў гэтым выпадку, бо жанчыне не быў выдадзены «плацежны дакумент».

Але наконт цэнаўтварэння — усё законна. «Зразумейце, такія сантэхнікі проста так не ходзяць, а метадычкі ім пішуць юрысты, якія любяць спаслацца на частку 3 артыкула 2 Грамадзянскага кодэкса, а яна гаворыць: «Удзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах. Яны вольныя ва ўсталяванні сваіх правоў і абавязкаў на аснове дагавора і ў вызначэнні любых умоў дагавора, якія не супярэчаць заканадаўству», — каментуе міністэрства. 

«Купляеце тавар / заказваеце паслугу ў інтэрнэце — пачытайце водгукі і самі ўсё зразумееце», — даюць параду ў Міністэрстве па падатках і зборах.

Nashaniva.com