Бээрэсэмаўкі прапануюць штрафаваць за няяўку на выбары і забараніць ісці ў прэзідэнты «кухаркам, блогерам ці шоўменам»

Падчас «дыялогавай пляцоўкі» па абмеркаванні законапраекта «Аб Усебеларускім народным сходзе» першыя сакратаркі Жлобінскага і Рэчыцкага раённых камітэтаў БРСМ выступілі з нетрывіяльнымі прапановамі.

01.11.2022 / 17:37

«Можа быць, час унесці замест выбарчага права выбарчы абавязак? Бо дзяржава траціць бюджэтныя грошы на арганізацыю выбараў. Кожная выбарчая камісія, кожны ўчастак стварае ўмовы для таго, каб чалавек прыйшоў і прагаласаваў. А людзі маюць права неабгрунтавана не прыйсці на выбары. Дык, можа, прыйшла пара ўвесці штрафныя санкцыі за неабгрунтаваную няяўку?», — задала пытанне Алена Холупава са Жлобіна.

Яе калега Ксенія Качаноўская з Рэчыцы, як піша БЕЛТА, глыбока перакананая ў тым, што ў прэзідэнты павінен ісці чалавек, які ведае толк у палітыцы, у эканоміцы.

«Каб не атрымлівалася так, што ў прэзідэнты ідзе кухарка, або блогер, або шоўмен, — удакладніла яна. — Калі беларускі народ вылучае ва УНС дэлегатаў, якім ён глыбока давярае, то такім чынам на УНС фарміруецца палітычная эліта краіны. Можа, варта аддаць права выбару прэзідэнта УНС?»

Яшчэ крыху, і беларускія камсамольцы выступяць з прапановамі штрафаваць за галасаванне не за таго кандыдата.

Nashaniva.com