Клішэвіч і Баскаў з'ездзілі разам з расійскімі дэпутатамі ў непрызнаную Беларуссю Абхазію 

Візіт сумеснай дэлегацыі расійскіх і беларускіх дэпутатаў у непрызнаную Беларуссю Абхазію быў аформлены ад імя так званага Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы. Дэлегацыя была прынятая на найвышэйшым для непрызнанай рэспублікі ўзроўні, з ёй сустрэўся сам кіраўнік Абхазіі Аслан Бжанія, паведамляе Апсны-прэс. А сярод беларускіх удзельнікаў былі такія адыёзныя асобы, як дэпутат ПП НС Сяргей Клішэвіч і «сенатар» Дзмітрый Баскаў.

03.11.2022 / 18:44

Аслан Бжанія яўна хацеў зрабіць беларускім гасцям прыемнае і расказаў ім гісторыю з дзяцінства, у рэальнасці якой, вядома, можна сумнявацца:

«У маім родным сяле быў піянерскі лагер, дзе адпачывалі дзеці з Беларусі. Мяне ў маленькім узросце адправілі ў гэты лагер, каб я вывучыў рускую мову. У выніку, калі я вярнуўся, высветлілася, што я вывучыў не рускую, а беларускую мову», — адзначае Аслан Бжанія.

У любым выпадку, улічваючы стаўленне да беларускай мовы з боку лукашэнкаўскага рэжыму, камплімент даволі двухсэнсоўны, і наўрад ці Клішэвіч з Баскавым яго ацанілі.

Чаму ўвогуле прыязджалі ў Абхазію беларускія госці — у інфармацыйнай нататцы не ўдакладняецца. Але падобна на тое, што гэта працяг трэнду, зададзенага нечаканым візітам у абхазскую Піцунду 28 верасня самога Лукашэнкі пасля перамоваў з Пуціным у Сочы. 

Пры гэтым ні беларуская БелТА, ні расійскія дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы ТАСС і «РИА Новости» пра гэтую паездку чамусьці не паведамлялі. 

Чытайце таксама:

«Мы павінны ўмацоўваць адносіны з сябрамі». Лукашэнка насамрэч у самаабвешчанай рэспубліцы Абхазія

Nashaniva.com