Данілаў: Украіна ўмацоўвае межы, баючыся наплыву ўцекачоў з Беларусі і Расіі

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у эфіры нацыянальнага тэлемарафона заявіў, што Польшча пабудавала сцяну на мяжы з Беларуссю «не толькі ў мэтах ваеннай бяспекі», але і з-за «сітуацыі з бежанцамі». І Украіна гэтай небяспекі таксама асцерагаецца ды прымае прэвентыўныя захады.

15.11.2022 / 18:00

Аляксей Данілаў

Аляксей Данілаў не сумняецца, што ўсе цывілізаваныя краіны ў хуткім часе абавязкова сутыкнуцца з вялікай плынню беларускіх і расійскіх бежанцаў.

«Я хачу, каб мы з вамі разумелі: калі палякі і Еўропа пабудавалі межы, акрамя таго, што гэта з пункту гледжання вайсковай бяспекі, дык ёсць яшчэ пытанні бяспекі ўцекачоў.

Калі яны ў вялікай колькасці пачнуць бегчы з РФ і Беларусі на тэрыторыю цывілізаваных краін — гэта толькі пытанне часу», — лічыць сакратар РНБА.

А паколькі Украіна таксама «з'яўляецца часткай еўрасупольнасці», то «ўмацоўвае мяжу так, як зрабілі палякі», заявіў Данілаў.

«Праца пачалася, будзе працягвацца. Мы не будзем ні на што звяртаць увагу», — заявіў чыноўнік.

Nashaniva.com