У адной з бібліятэк Гарадоцкага раёна з кніг склалі танк

Супрацоўнікі бібліятэкі Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа на Віцебшчыне прыдумалі арыгінальны спосаб, як прыцягнуць ва ўстанову чытачоў. Яны ўпэўненыя, што адным багаццем і разнастайнасцю літаратуры на паліцах моладзь не прабіць, яе трэба здзівіць нечым незвычайным, піша абласная газета «Віцебскія весці».

15.11.2022 / 18:55

У адпаведнасці з такой устаноўкай у бібліятэцы «вымушаныя асвойваць крэатыўныя прафесіі, напрыклад дэкаратара, сцэнарыста і шоўмена, каб ажыўляць сумныя памяшканні са сталамі і кніжнымі паліцамі яркімі і нечаканымі дэталямі, праводзіць запамінальныя мерапрыемствы».

Як сцвярджае яе дырэктарка Людміла Шастак, «добра клююць наведвальнікі на інсталяцыі, якія складаюцца з унікальных, вырабленых уручную прадметаў», і спачатку вучняў прыцягвае сам арт-аб'ект.

Напрыклад, калі зрабілі куток памяці, які расказвае пра вызваленне Гарадоцкага раёна ад немцаў у снежні 1943 года, то побач з ім, маўляў, збіраліся дзясяткі хлапчукоў, каб даведацца, ці шмат спатрэбілася кніг, каб збудаваць танк памерам з крэсла.

А далей ужо нібыта падлеткі, нацешыўшыся такім дзівам, натуральным чынам пераходзяць да вывучэння фота і подпісаў да іх, а таксама прапанаванай літаратуры. 

Nashaniva.com