Справа АГСБ: Пракуратура лічыць, што катаванняў не было

Сёння на судзе па «справе АГСБ» была агучана інфармацыя аб тым, што пасля заяў Сасноўскага аб тым, што ў дачыненні да яго супрацоўнікамі КДБ ужываўся гвалт, была праведзеная пракурорская праверка, піша «Спутнік».

22.11.2022 / 13:35

Дзмітрый Сасноўскі. Фота: БелТА

У завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да аператыўнікаў, якія яго затрымлівалі, адмоўлена, паведаміў пракурор. Ён папрасіў суд далучыць да матэрыялаў справы дакумент аб адмове.

Нагадаем, Дзмітрый Сасноўскі — адзіны па справе, хто не прызнаў віну. Падчас дачы паказанняў Сасноўскі плакаў і заявіў, што ў злачынства ў дачыненні да Азаронка яго ўцягнулі падчас следчага эксперыменту.

Ён таксама заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго «ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне». На першым пасяджэнні, калі суд высвятляў яго асобу, ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што «не мае дачынення да тэрарызму». 

Падтрымаць фігурантаў «справы АГСБ»: 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Наталля Сяргееўна Мацвеева, Дзмітрый Уладзіміравіч Сасноўскі, Кірыл Раманавіч Ашурак, Аляксей Уладзіміравіч Глотаў, Вадзім Мікалаевіч Гулевіч

Nashaniva.com