Улады Украіны пацвердзілі, што ў Крыме забілі іранскіх ваенных дарадцаў, якія кіравалі дронамі-камікадзэ

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў пацвердзіў у інтэрв'ю The Guardian, што ў анексаваным Крыме забілі некалькі іранскіх вайсковых дарадцаў, якія дапамагалі расейскім вайскоўцам кіраваць іранскімі дронамі-камікадзэ Shahed-136.

25.11.2022 / 15:06

У канцы кастрычніка The Jerusalem Post паведаміў, што, па даных амерыканскіх і ўкраінскіх крыніц, у Крыме з-за ўкраінскіх удараў загінулі дзесяць грамадзян Ірана, якія вучылі расійскіх салдат выкарыстоўваць іранскія беспілотнікі.

Аляксей Данілаў даў зразумець, што Украіна будзе пераследаваць любую далейшую іранскую ваенную прысутнасць. «Вас не павінна быць там, дзе вас не павінна быць. Яны былі на нашай тэрыторыі. Мы іх сюды не запрашалі, і калі яны супрацоўнічаюць з тэрарыстамі і ўдзельнічаюць у знішчэнні нашай нацыі, мы павінны іх забіць», — заявіў ён падчас інтэрв'ю ў Кіеве.

Кіраўнік анексаванага Крыма Сяргей Аксёнаў, у сваю чаргу, назваў сцвярджэнні Данілава «феерычным трызненнем».

Nashaniva.com