Пуцін сустрэўся з «маці мабілізаваных». Журналісты выявілі, што яны кішэнныя

25 лістапада прэс-служба Крамля паведаміла, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сустрэўся з маці вайскоўцаў — удзельнікаў вайны ва Украіне. Сустрэча прайшла ў рэзідэнцыі прэзідэнта ў Нова-Агарове. Але незалежныя выданні, прагледзеўшы відэасюжэт, сумняюцца, што жанчыны, якія прысутнічалі на сустрэчы, — сапраўды тыя, за каго сябе выдаюць.

25.11.2022 / 17:42

Мяркуючы па відэазапісах, якія распаўсюдзіла пуцінская прэс-служба, у сустрэчы ўдзельнічалі 18 жанчын. Выданне «Можем объяснить» сцвярджае, што ідэнтыфікавала некалькіх удзельніц сустрэчы. Сярод іх — маскоўская чыноўніца і дэпутатка-адзінароска Вольга Бельцава, кіраўніца выканкама «агульнарасійскага Народнага Фронту» ў Падмаскоўі Юлія Белехава і член Грамадскай палаты горада Арэхава-Зуева Марына Мігунова.

Паводле інфармацыі выдання, бліжэй за ўсіх да Пуціна сядзела рэжысёр Алеся Шыгіна, якая здымае праваслаўнае патрыятычнае кіно. 

Ці сапраўды сваякі гэтых праўладных жанчын ваююць ва Украіне, дакладна невядома.

Раней удзельніцы грамадскага руху «Рада маці і жонак», які аб'ядноўвае сваячак мабілізаваных і вайскоўцаў тэрміновай службы, раскрытыкавалі адміністрацыю прэзідэнта, што нікога з іх не запрасілі на сустрэчу. Арганізатарка рады Вольга Цуканава тады дапускала, што на мерапрыемства запросяць толькі «кішэнных маці».

Nashaniva.com