Палякі абяцаюць беларусам візавыя палёгкі

Цэнтр беларускай салідарнасці паведаміў, што на гэтым тыдні адбылася працоўная сустрэча яго прадстаўнікоў з чыноўнікамі МЗС і МУС Польшчы. Падчас гэтай сустрэчы, ініцыятарам якой стаў польскі бок, абмяркоўваліся актуальныя для беларусаў візавыя пытанні: магчымасць выдачы віз PBH на тэрыторыі Польшчы, верагоднае падаўжэнне тэрміну выдачы гуманітарных віз і паляпшэнне працы візавых цэнтраў.

02.12.2022 / 19:38

Кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская расказала аб праблемах, з якімі рэгулярна сутыкаюцца беларусы пры падачы дакументаў на атрыманне гуманітарнай візы на тэрыторыі Польшчы. У прыватнасці, гаворка ішла пра выпадкі, калі ў грамадзян Беларусі не прымалі дакументы, а адмовы давалі выключна ў вуснай форме.

Таксама закранулі пытанне дыскрымінацыі беларусаў па нацыянальнай прыкмеце ў візавых цэнтрах на тэрыторыі Польшчы.

Прадстаўнікі МУС і МЗС Польшчы паабяцалі прымаць заявы і разглядаць іх у індывідуальным парадку, а таксама прыняць усе неабходныя меры для паляпшэння працы візавых цэнтраў.

Акрамя таго, чыноўнікі расказалі пра планы падаўжэння тэрміну, на працягу якога ў беларусаў будзе магчымасць атрымаць гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы. Такія візы нібыта можна будзе атрымаць да 31 сакавіка 2023 года замест першапачаткова запланаванага 31 снежня 2022-га.

Таксама разглядаецца магчымасць атрымаць на тэрыторыі Польшчы візу Poland Business Harbour. У планах выдаваць іх аднаразова для тых, хто ўжо меў падобную візу раней.

Такія змены ўжо ёсць у праекце пастановы аб выдачы віз замежнікам. 

Чытайце таксама:

У Мінску, Гомелі і Магілёве больш нельга падацца на польскую візу PBH 

«У цэлым новаўвядзенне вельмі зручнае». Як працуе новая сістэма рэгістрацыі пры падачы на польскую візу

«На ўсю сям’ю заплацілі 500 даляраў». Як беларусы цяпер атрымліваюць візы

Nashaniva.com