«Паверыла і адправіла грошы — і так 12 разоў». «Доктар з Сірыі» падмануў чарговую даверлівую жанчыну

У міліцыю звярнулася 43-гадовая жыхарка Брэста і распавяла, што стала ахвярай махляра ў інтэрнэце, паведаміла прэс-служба МУС.

03.12.2022 / 13:30

Аказваецца, што жанчына пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы з «доктарам з Сірыі», зносіны перараслі ў віртуальны раман. У нейкі момант хлопец захацеў прыляцець да беларускі ў госці, яна пагадзілася. Але, па яго словах, грошай на паездку не хапала, і мужчына папрасіў перавесці патрэбную яму суму ў доўг.

Калі жанчына зрабіла першы перавод у 2,4 тысячы рублёў, у «сірыйца» з'явіліся іншыя цяжкасці, якія запатрабавалі дадатковых уліванняў. Жанчына паверыла і зноў адправіла грошы, усяго 12 разоў.

Калі ахвяра перавяла каханаму каля 26 тысяч рублёў у эквіваленце, а ён перастаў выходзіць на сувязь, жанчына зразумела, што стала ахвярай аферыстаў, і звярнулася ў міліцыю.

Nashaniva.com