Гулец Уругвая разбіў манітор VAR пасля матча ЧС супраць Ганы ВІДЭА

Уругвайцы выйгралі ў гэтай сустрэчы, але ўсё роўна не выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату свету. Сыходзячы з поля пасля фінальнага свістка, форвард «Валенсіі» Эдынсан Кавані штурхнуў манітор, які ўпаў і разбіўся.

03.12.2022 / 15:43

Эдынсан Кавані. Фота Themba Hades / AP

Форвард зборнай Уругвая Эдынсан Кавані разбіў манітор VAR пасля матча трэцяга тура чэмпіянату свету супраць каманды Ганы.

Зборная Уругвая выйграла з лікам 2:0, але ёй не хапіла яшчэ аднаго гола для выхаду ў плэй-оф. У самым канцы сустрэчы уругвайцы патрабавалі прызначыць пенальці ў адным з момантаў, але суддзя іх праігнараваў.

Сыходзячы з поля пасля фінальнага свістка, Кавані ў лютасці штурхнуў манітор VAR, які перакуліўся і разбіўся.

З групы H у наступную стадыю чэмпіянату свету выйшлі зборныя Партугаліі і Паўднёвай Карэі. У карэйцаў і уругвайцаў аказалася роўная колькасць ачкоў (па 4), але Карэя забіла больш галоў на турніры.

Nashaniva.com