Выпускныя цэнтралізаваныя экзамены будуць праводзіць не ў школах

Пра некаторыя дэталі таго, як у Беларусі будуць праводзіцца анансаваныя цэнтралізаваныя экзамены, расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец у інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу.

04.12.2022 / 16:56

Андрэй Іванец. Фота: belchemoil.by

«Цэнтралізаваны экзамен будзе праводзіцца па-за сценамі школы. Гэта вельмі важны аспект, таму што ён будзе пазбаўлены суб'ектывізму. Мы будзем абсалютна ўпэўненыя, што гэта не толькі ўзровень кантролю ведаў пасля заканчэння школы, але і абсалютна справядлівая ацэнка, абсалютна справядлівы сертыфікат пры паступленні ва ўніверсітэты», — заявіў Іванец.

Па словах чыноўніка, у кожным раённым цэнтры створаць свой пункт здачы цэнтралізаванага экзамену, куды будуць арганізавана дастаўляць вучняў з усяго раёна. 

Акрамя таго, у параўнанні з тэстамі, цэнтралізаваны экзамен будзе зменены. У прыватнасці, у ім значна меншай будзе частка А з варыянтамі адказаў на пытанні. Паводле Іванца, гэта было зроблена, «каб прыбраць гэтую «ўгадайку» так званую». Адпаведна пашыраць частку B, у якой неабходна выбудаваць лагічныя ланцужкі і рашыць адпаведныя задачы.

Nashaniva.com