У Мінску закрываюць краму Timberland

Адзіная ў Беларусі крама гэтага брэнду працавала ў мінскім гандлёвым цэнтры «Замак» на трэцім паверсе. Яе адкрыццё адбылося 1 снежня 2017 года, то-бок адпрацавала яна амаль 5 гадоў.

06.12.2022 / 23:24

У сувязі з закрыццём крама ладзіць распродаж са зніжкамі ад 50 да 90%.

Timberland здабыў славу дзякуючы сваім легендарным непрамакальным цёплым жоўтым ботам. Але гэта не адзіная мадэль, якую выпускае брэнд, хоць яна па-ранейшаму займае пачэснае месца ў лінейцы.

Акрамя абутку, у краме прапануюць курткі, штаны, джынсы, майкі, худзі, байкі, швэдры, сумкі, шапкі, пальчаткі ды заплечнікі.

Прычына закрыцця крамы не паведамляецца, але яно ўкладаецца ў агульны трэнд апошняга года, калі заходнія брэнды адзін за другім пакідаюць беларускі і расійскі рынкі.

Nashaniva.com