У Гомелі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову, яе сына забралі ў прытулак

Вечарам 6 снежня ў Гомелі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Яе сына-падлетка забралі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне, піша «Радыё Свабода».

07.12.2022 / 12:43

«Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя. Толькі тое, што яна цяпер у ізалятары, сын Святаслаў — у прытулку. Ніякай ні актыўнай, ні журналісцкай дзейнасцю Ларыса апошнія гады не займалася», — паведаміла крыніца «Свабоды».

Ларыса Шчыракова — вядомая ў Гомелі журналістка. Да 2021 года яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў. Здымала дакументальныя фільмы, мела свой праект па ўшанаванні памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Шчыракова таксама запісвала сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, на падставе гэтых запісаў выходзілі публікацыі і дакументальныя фільмы.

Па адукацыі Шчыракова выкладчыца англійскай мовы. Раней яна ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака» (ліквідаваная ўладамі).

У апошнія месяцы былая журналістка займалася этнафотасэтамі — здымала людзей у народных беларускіх строях і лакацыях. Сёлета яна пайшла вучыцца на факультэт псіхалогіі. Нягледзячы на пагрозы, Шчыракова прынцыпова заставалася ў Беларусі.

Nashaniva.com