Інфармацыя аб судзе над бацькам Герасімені аказалася памылковай. Суд памыліўся

удакладнена, абноўлена

У раскладзе пасяджэнняў Мінскага гарсуда 8 снежня спачатку з'явілася інфармацыя пра суд над бацькам знакамітай беларускай плыўчыхі Аляксандры Герасіменя Віктарам па крымінальнай справе аб закліках да санкцый. Пазней памылку выправілі. Судзіць будуць не бацьку, а дачку.

08.12.2022 / 13:26

Аляксандра Герасіменя з бацькам

У першапачатковым варыянце раскладу паведамлялася, што Віктара Герасіменю абвінавачваюць у закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК). Пазней расклад паправілі, заўважыла «Зеркала». Віктара Іванавіча Герасіменю замянілі на Аляксандру Віктараўну Герасіменя.

Па інфармацыі «Нашай Нівы» Віктар Герасіменя не затрыманы.

Разам з Аляксандрай Герасіменя па тым жа артыкуле праходзіць і Аляксандр Апейкін — адзін з заснавальнікаў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Увесну гэтага года арганізацыя была прызнана рэжымам экстрэмісцкай. 

Раней СК паведамляў, што распачатая «спецыяльная вытворчасць» у дачыненні да заснавальнікаў Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасіменя (якая сёлета сышла з фонду) і Аляксандра Апейкіна. Іх абвінавачвалі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса).

Nashaniva.com