У Польшчы 25-гадовая дзяўчына з нажом напала на супрацоўніцу банка. Але яе кійком аддубасіла 90-гадовая бабуля
Здарэнне адбылося ў аўторак у Пшэмыслі ў PKO Банк Польскі.
09.12.2022 / 10:10
Фота: Lulasz Solski / przemysl.naszemiasto.pl
Інцыдэнт адбыўся ў аўторак пасля 16-ці гадзін. У аддзяленне банка ўвайшла маладая жанчына, якая затым прыставіла нож да горла адной з работніц і запатрабавала 12 тысяч 550 злотых (каля 2 500 даляраў). Жанчына, пакуючы грошы ў сумку, тузала за валасы супрацоўніцу банка і пагражала пазбавіць яе жыцця.
Але тут да яе падышла 90-гадовая жанчына, якая кійком некалькі разоў ударыла нападніцу. Пасля падаспелі супрацоўнікі банка, якія затрымалі дзяўчыну. На месца былі выкліканыя паліцыя і хуткая дапамога.
Вядома, што нападніца мае двайное грамадзянства — украінскае і расійскае, жыве ў Маскве. Пры сабе ў жанчыны былі лекі, якія сведчаць аб тым, што яна назіраецца ў псіхіятрычным шпіталі. Ноч жанчына правяла ў паліцэйскім ізалятары, а затым была арыштаваная на два месяцы.
Вядома, што ў яе не было грошай на білеты, не было дзе жыць, а неабходна было паехаць у Варшаву. Таму яна і прыняла фатальнае рашэнне аб атрыманні грошай такім спосабам, — распавяла Марта Пяткоўская, прэс-сакратар пракуратуры ў Пшэмыслі.
Дзяўчыне пагражае да трох гадоў турмы.