Эйсмант расказаў, чаго трэба баяцца беларускім вернікам 

Лукашэнкаўскія прапагандысты абмяркоўвалі ў перадачы «Клуб рэдактараў», як ва Украіне цяпер не рады Рускай праваслаўнай царкве. І прыйшлі да ашаламляльных высноў.

17.12.2022 / 23:45

Скрыншот: Беларусь 1

«Ганенні на царкву — гэта тое, што чакала б нас у выпадку, калі заходнія краіны паставілі б сюды марыянеткавы ўрад, — заявіў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. —

Вы ж паглядзіце, хто стаў там на чале гэтага — усялякія Франакі і іжэ з імі. Там жа не тое, што каталікі — там масоны ёсць сярод іх, дастаткова вядомыя людзі. Людзі амерыканскай, заходняй веры. Знікла б Беларуская праваслаўная царква з тэрыторыі Беларусі».

Але фактычна прыцясненні вернікаў пачалі лукашэнкаўцы. Не давалі вярнуцца ў Беларусь арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, адправілі ў адстаўку прынцыповага Гродзенскага архіепіскапа Арцемія, забаранілі каталікам маліцца ў Чырвоным касцёле пасля дзіўнага пажару, катуюць за кратамі святара Уладзіслава Багамольнікава, які адпяваў Рамана Бандарэнку (на святара завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК).

Nashaniva.com