Орбан: Калі ЗША перастануць даваць Украіне грошы і зброю, вайна спыніцца

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан лічыць, што мір ва Украіне наўпрост залежыць ад ЗША, якія падтрымліваюць украінцаў зброяй і грашыма. Пра гэта ён сказаў у калядным інтэрв'ю выданню Magyar Nemzet.

27.12.2022 / 17:49

Орбан зазначыў, што 2022 год быў самым небяспечным за апошнія трыццаць гадоў. Паводле яго слоў, Венгрыя сутыкнулася з небяспекай быць уцягнутай у вайну ва Украіне, а рост цэн на энерганосьбіты таксама штурхае краіну ў небяспечным напрамку.

Віктар Орбан пацвердзіў пазіцыю Венгрыі, што ў вайне неабходнае спыненне агню, а потым мірныя перамовы.

«Украіна можа працягваць ваяваць толькі да таго часу, пакуль ЗША падтрымліваюць іх грашыма і зброяй. Калі амерыканцы хочуць міру, то мір будзе», — заявіў ён.

Адносна пазіцыі Венгрыі ён зазначыў, што Венгрыя з'яўляецца «правенгерскай». «Наш адказ на пытанне, ці знаходзімся мы на добрым або дрэнным баку гісторыі, у тым, што мы знаходзімся на венгерскім баку гісторыі», — растлумачыў ён.

«Мы падтрымліваем і дапамагаем Украіне, мы зацікаўленыя ў выжыванні суверэннай Украіны, і мы зацікаўленыя ў тым, каб Расія не ўяўляла пагрозы бяспецы Еўропы. Але мы не зацікаўленыя ў тым, каб здаць усе нашы эканамічныя адносіны з Расіяй», — падкрэсліў прэм'ер-міністр Венгрыі.

Nashaniva.com