Брытанец бяжыць 365-ты марафон у гэтым годзе

Брытанец Гэры Макі сёлета кожны дзень прабягаў марафон, каб сабраць мільён фунтаў для дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць хворым на рак. 31 снежня 2022 года ён адправіўся ў свой апошні ў гэтым годзе, 365-ты забег.

31.12.2022 / 15:03

Гэры Макі — справа

Гэры Макі з Камбрыі пачаў 2022-гі год з марафону 1 студзеня і не спыняўся ўвесь год — з дапамогай дабрачынных забегаў ён збірае сродкі, якія будуць падзелены паміж дабрачынным фондам Macmillan Cancer Support і хоспісам West Cumbria Hospice at Home, што дапамагаюць хворым на рак, піша Бі-бі-сі.

53-гадовы бацька траіх дзяцей часта здзяйсняў свой штодзённы забег даўжынёй у 26,2 мілі (42 км) перад пачаткам працоўнай змены на атамным комплексе Селафілд у Камбрыі.

Пад ухваленні добразычліўцаў, 31 снежня ў 8.30 раніцы па Грынвічы спартсмен адправіўся ў свой 365-ты забег.

За год Макі знасіў больш за 20 пар красовак і прабяжыць больш за 9 500 міль (15 300 км) да моманту, калі скончыць свой апошні марафон прыкладна ў 14:00 па Грынвічы.

На старце ён сказаў BBC Breakfast, што атрымаў фенаменальную падтрымку, але злёгку нерваваўся перад фінальным выпрабаваннем.

«Рэч не ў адлегласці, а ў тым, што гэта апошні забег. Гэта будзе асаблівы дзень. Рак закранае ўсіх, так што гэта праблема не толькі Заходняй Камбрыі, гэта нацыянальная праблема», — сказаў ён.

«Я проста спадзяюся, што людзі падтрымаюць нас, і мы сапраўды збяром гэты мільён фунтаў. Калі мы гэтага не зробім, гэта адбудзецца не таму, што я не прабег 365 марафонаў. Мы адзначым гэты дзень, павесялімся на маршруце, і я з нецярпеннем чакаю фінішу», — дадаў Гэры Макі.

«Цяжка выказаць словамі, наколькі мы ўдзячныя Гэры за тое, што ён адважыўся на гэты неверагодны выклік», — сказала прадстаўніца хоспіса At Home West Cumbria Хэйлі Макей.

«Фізічная і псіхалагічная сіла, якую ён прадэманстраваў, неспасцігальная. Гэры не толькі сабраў грошы для дзвюх фантастычных дабрачынных арганізацый, ён чароўным чынам сабраў і згуртаваў мясцовую супольнасць і ўсіх, хто яго падтрымаў», — дадала яна.

Выканаўчы дырэктар дабрачыннай арганізацыі Macmillan Cancer Support Клэр Роўні дадала: «Дасягненні і самаадданасць Гэры зашкальваюць. Кожны божы дзень сёлета гэты неверагодны чалавек прабягаў па марафоне, каб сабраць грошы для Macmillan і нашых сяброў з хоспіса At Home West Cumbria і падтрымаць людзей, якія жывуць з ракам. Няма слоў, каб выказаць нашу сардэчную падзяку за ўсё, што ён зрабіў».

Да цяперашняга моманту Гэры Макі сабраў ужо больш за 600 тыс. фунтаў для гэтых дзвюх дабрачынных арганізацый.

Nashaniva.com