Лукашэнка падпісаў указ аб своечасовай выплаце заробкаў

9 студзеня Лукашэнка падпісаў указ №3 «Аб мерах па забеспячэнні своечасовай выплаты заработнай платы». Пра гэта паведаміла ягоная прэс-служба.

09.01.2023 / 17:19

Дакумент дае права Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выдаваць наймальнікам патрабаванні аб ліквідацыі запазычанасці ў выплаце заробку.

Пры фіксацыі парушэнняў патрабаванні будуць выдаваць без дадатковай праверкі. Цяпер, калі заробак затрымліваецца, спачатку прадугледжана праверка, а з-за яе зацягваецца працэс выплаты. Цяпер працэдура павінна паскорыцца.

Прапісана таксама, што на ўсе звароты грамадзян або інфармацыю ад праваахоўных органаў інспектары будуць патрабаваць у наймальніка дакументы і вывучаць іх. Калі наймальнік ліквідуе ўсе парушэнні па выплаце заробкаў ва ўстаноўлены тэрмін, то яго тады не будуць прыцягваць да адказнасці.

Вызначаны і парадак прымусовага выканання патрабавання аб пагашэнні запазычанасці па выплаце. Дэпартамент выносіць рашэнне аб спагнанні заробку і накіроўвае яго ў органы прымусовага выканання. Таму цяпер работнікам не трэба будзе самастойна звяртацца з пазовам аб выплаце зарплаты ў суд або натарыят, а затым — у органы прымусовага выканання.

Nashaniva.com