«Неабвержным доказам вінаватасці з'яўляецца фотаздымак»: у Мінску асудзілі настаўніцу англійскай мовы

Суд Савецкага раёна Мінска вынес прысуд 24-гадовай выкладчыцы англійскай мовы Дар’і Цыркун, абвінаваціўшы яе ва ўдзеле ў нядзельных акцыях пратэсту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».

24.01.2023 / 14:09

Фота: «Вясна»

Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка. Яна толькі 15 чэрвеня 2022 года прыняла прысягу на званне суддзі. 

Па матэрыялах абвінавачання, Дар’я Цыркун у верасні 2020 года ў Мінску, «дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб з іншымі неўстаноўленымі асобамі, прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, аказваючы пры гэтым відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікам міліцыі».

У ходзе судовага разбору абвінавачаная сваю віну прызнала ў поўным аб'ёме.

«Неабвержным доказам вінаватасці абвінавачванай з'яўляецца фотаздымак, на якім аб'ектыўна зафіксаваныя дзеянні абвінавачанай у групе з нявызначанымі асобамі. На фотаздымках угледжваецца ўзгодненасць дзеянняў абвінавачванай з іншымі асобамі, іх скіраванасць на дасягненне адзінага выніку — здзяйсненне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», — да такой высновы прыйшла суддзя.

Суд, які адбыўся 29 лістапада, пастанавіў прызначыць Дар’і Цыркун пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады («хатняя хімія»).

Nashaniva.com