Германія адправіць Украіне 88 састарэлых танкаў Leopard 1

Урад Германіі ўхваліў пастаўку Кіеву 88 нямецкіх танкаў Leopard 1, папярэднікаў больш сучасных танкаў Leopard 2.

03.02.2023 / 13:49

Танк Leopard. Фота: warfore.me

Кіеў атрымае старыя танкі Leopard пасля іх рамонту. Мяркуецца, што Украіна атрымае іх не бясплатна, а купіць у нямецкага вытворцы зброі Rheinmetall на агульную суму больш за 100 мільёнаў еўра, паведамляе нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.

Акрамя таго, урад Германіі таксама разглядае магчымасць выкупіць у Катара свае 15 зенітных самаходных установак Gepard, прададзеных туды для бяспекі нядаўняга чэмпіянату свету па футболе.

«Танкі «Гепард» вельмі добра зарэкамендавалі сябе ў вайне ва Украіне. Калі б мы маглі атрымаць больш ад партнёраў, гэта безумоўна дапамагло б украінцам», — сказаў міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус.

Пасля некалькіх тыдняў інтэнсіўнага ціску з боку партнёраў Германія абвясціла на мінулым тыдні, што ўхваліць пастаўку Украіне каля 80 танкаў Leopard 2, у тым ліку 14 уласных танкаў, у рамках кааліцыі еўрапейскіх краін.

Вялікабрытанія таксама паабяцала адправіць Кіеву некалькі сваіх танкаў Challenger 2, а ЗША заявілі, што да канца гэтага года або ў пачатку наступнага адправяць 31 танк M1 Abrams.

Nashaniva.com