Вялікабрытанія ў дзень прыезду Зяленскага ўвяла новыя санкцыі супраць Расіі

Санкцыі ўведзеныя «ў адказ на няспынныя бамбардзіроўкі Украіны Расіяй і ў тым ліку супраць тых, хто дапамог Пуціну пабудаваць сваё асабістае становішча і кампаній, якія нажываюцца на ваеннай машыне Крамля», — гаворыцца ў заяве Даўнінг-стрыт.

08.02.2023 / 15:13

Так, пад санкцыі патрапілі шэсць кампаній, якія пастаўляюць Расіі вайсковую тэхніку і беспілотнікі, сярод іх «Растэхкамплект», «Абаронлагістыка» і расійскі распрацоўшчык беспілотнікаў ZALA Aero.

Таксама спіс папоўніўся васьмю расіянамі, якіх звязваюць з асабістай уладай і багаццем Пуціна, — гэта бізнэс-амбудсмен Барыс Цітоў, нафтавы менеджар Мікалай Ягораў, уладальнік прапагандысцкага медыя «Рэгнум» Сяргей Рудноў, Святлана Крываногіх і некалькі іншых бізнэсоўцаў.

Крываногіх — даўняя знаёмая Уладзіміра Пуціна, якая валодае доляй у банку «Расія». Расійскія незалежныя СМІ называюць яе маці пазашлюбнай дачкі Пуціна.

Nashaniva.com