Пасольства ЗША рэкамендавала сваім грамадзянам тэрмінова пакінуць тэрыторыю Расіі 

Грамадзянам ЗША варта ўстрымацца ад паездак у Расію праз «непрадказальныя наступствы» канфлікту ва Украіне, а тыя, хто ўжо знаходзіцца на яе тэрыторыі, павінны тэрмінова пакінуць краіну. Пра гэта гаворыцца ў папярэджанні, апублікаваным на сайце амерыканскай дыпмісіі.

13.02.2023 / 09:43

Фота: Павел Галоўкін, AP

У пасольстве адзначылі, што расійскія ўлады могуць адмовіць амерыканцам, якія знаходзяцца ў Расіі, у прызнанні двайнога грамадзянства, пазбавіць іх доступу да консульскай дапамогі ЗША, а таксама падвергнуць мабілізацыі і перашкодзіць іх выезду з краіны.

«Калі вы хочаце выехаць з Расіі, вам варта як мага хутчэй прыняць самастойныя меры. Пасольства ЗША мае сур'ёзныя абмежаванні ў сваіх магчымасцях дапамагчы грамадзянам ЗША пакінуць краіну, і магчымасці транспарціроўкі могуць раптам стаць яшчэ больш абмежаванымі», — сказана ў паведамленні.

Акрамя таго, амбасада ЗША рэкамендавала сваім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Расіі, «пазбягаць любых палітычных ці сацыяльных пратэстаў» і не фатаграфаваць супрацоўнікаў спецслужбаў на падобных акцыях.

Nashaniva.com