Адміністратару тэлеграм-чата «Жыве Лунінец!» далі 9 гадоў калоніі

З 6 па 9 лютага ў Брэсцкім абласным судзе прайшоў суд над Аляксандрам Сумарам. У сярэдзіне нулявых ён працаваў экспертам-крыміналістам у Лунінецкім РАУС, апошнім часам жыў у Маскве. А пад суд патрапіў за адміністраванне чата «Жыве Лунінец!», піша «Брэсцкая вясна».

13.02.2023 / 23:35

Аляксандра Сумара затрымалі 27 ліпеня 2022 года, з таго часу ён утрымліваўся пад вартай. 

Суд над Аляксандрам быў закрыты, таму падрабязнасцяў пра яго няшмат. Але дакладна вядома, што яму было інкрымінавана ажно пяць крымінальных артыкулаў, усе яны так ці іначай былі звязаныя з адміністраваннем чата.

Сумара абвінавацілі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем, падрыхтоўцы людзей да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у абразе Лукашэнкі, у абразе прадстаўніка ўлады, у закліках да акта тэрарызму.

Па сукупнасці ўсіх гэтых артыкулаў 9 лютага мужчыну прысудзілі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com