Міністр абароны Вялікабрытаніі: Расія прыцягнула 97% сваёй арміі да вайны супраць Украіны

«Цяпер мы ацэньваем, што 97% расійскай арміі, уся расійская армія знаходзіцца ва Украіне», — сказаў ён. Паводле слоў міністра, лакальныя поспехі абыходзяцца расійскай арміі «вялікай цаной». Такую ацэнку даў міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес у эфіры BBC Radio 4.

15.02.2023 / 13:48

Уолес падкрэсліў, што тое, як ваюе армія РФ, спрабуючы прасоўвацца наперад, яна робіць за кошт чалавечых страт, «узровень знясілення амаль як у Першую сусветную вайну, а паказчыкі поспеху вымяраюцца метрамі, а не кіламетрамі».

Міністр абароны Брытаніі лічыць, што ў расійскіх лідараў альбо «прабел у [разуменні] рэальнасці» альбо яны «не паважаюць жыццё сваіх людзей».

Па яго словах, стан, у якім знаходзіцца цяпер расійская армія, мае непасрэдны ўплыў на бяспеку Еўропы.

«Калі 97% расійскай арміі цяпер уцягнута ў вайну супраць Украіны з вельмі-вельмі высокім узроўнем «выбыцця», і патэнцыйна яе баяздольнасць зніжана на 40%, і амаль дзве траціны іх танкаў знішчана або зламана, то гэта прама ўплывае на бяспеку Еўропы», — адзначыў ён.

Nashaniva.com