У Мядзеле пры галасаванні за дату, у якую адзначаецца Дзень горада, жыхары адхілілі афіцыёз

Мядзельская раённая газета «Нарачанская зара» паведаміла, якія вынікі дало «вывучэнне грамадскай думкі наконт даты святкавання Дня горада Мядзела». Апытанне праводзілася «з мэтай устанаўлення афіцыйнай даты».

21.02.2023 / 22:37

Улады прапаноўвалі святкаваць і 3 ліпеня, у афіцыйны «Дзень незалежнасці» Беларусі, і 4 ліпеня, у дзень вызвалення Мядзела ад немцаў у 1944 годзе, і 15 студзеня, у дзень колішняга стварэння Мядзельскага раёна, і 17 верасня, у «Дзень народнага адзінства». Але ўсё гэта сабрала зусім мала галасоў.

Пераважная большасць людзей выказаліся за апошнюю суботу ліпеня (у гэты дзень тут адзначаецца традыцыйнае Свята азёр) і за пятую нядзелю пасля Вялікадня па грыгарыянскім календары (гэтую дату некалі прапаноўваў археолаг, славуты ўраджэнец Мядзельшчыны Міхась Чарняўскі).

Праўда, невядома, наколькі будзе ўлічвацца меркаванне ўдзельнікаў апытання пры канчатковым вызначэнні афіцыйнай даты. У найноўшай гісторыі Беларусі хапае прыкладаў, калі чыноўнікі пасля ўсё адно рабілі так, як хацелі самі ці атрымлівалі інструкцыі зверху, а не так, як жадаў народ.

Чытайце таксама:

Маршрут для незабыўных выхадных. На Нарачы вы ўсе бывалі. А паглядзіце, што можна пабачыць вакол Блакітных азёр

Nashaniva.com