Чатырох адвакатаў могуць пазбавіць ліцэнзій

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі правяла чарговую атэстацыю адвакатаў Мінскай гарадской і Гродзенскай абласной калегій адвакатаў, паведамляе БелТА.

23.02.2023 / 10:08

Фота: БелТА

Па выніках атэстацыі кваліфікацыйнай камісіяй прынятыя рашэнні аб адпаведнасці пяці адвакатаў патрабаванням заканадаўства (Маі Аляксандравай, Генадзя Кадыка, Наталлі Машара, Алены Сцяпанавай, Алега Халецкага).

У дачыненні да адваката Ігара Дзьячкова прынятае рашэнне аб няпоўнай адпаведнасці патрабаванням заканадаўства з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсць месяцаў пры ўмове выканання рэкамендацый кваліфікацыйнай камісіі. Адвакат павінен у тым ліку прайсці павышэнне кваліфікацыі.

Адвакатка Таццяна Кавалевіч па рашэнні камісіі не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі з-за недастатковай кваліфікацыі.

Кваліфікацыйная камісія таксама прыняла рашэнне аб магчымасці спынення дзеяння ліцэнзій у дачыненні да Аксаны Белай, Наталлі Волкавай, Вольгі Дзямідчык і Сяргея Дзям'янчука ў сувязі з ужываннем да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з калегіі адвакатаў за ўчыненне правін, несумяшчальных са званнем адваката. Гаворка ідзе аб здзяйсненні дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, гаворыцца ў паведамленні.

Nashaniva.com