Жанчыну адправілі за краты за заклік адсвяткаваць адкрыццё хаткі для катоў

У Оршы ў пачатку лютага адбыўся суд над зааабаронцай Аленай Мірашнічэнка паводле арт 24.23 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства). Алену па позве выклікалі ў міліцыю, дзе адразу арыштавалі. Сілавікоў і суддзяў пужаюць самыя бяскрыўдныя падставы для збору людзей, піша «Вясна».

26.02.2023 / 09:35

Стала вядома, што жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна ў Viber у суполцы «Хвосцікі», створанай для дапамогі бяздомным жывёлам, «пакінула заклік узяць удзел у святкаванні адкрыцця хаткі для катоў з сумесным чаяваннем».

У пастанове суда адзначылі, што пры вызначэнні віду спагнання суддзя ўлічвала «характар і ступень грамадскай шкоднасці здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння, які адносіцца ў адпаведнасці з КаАП да катэгорыі грубых, накіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве».

Суддзя Юлія Вяршыніна арыштавала Алену Мірашнічэнка на 15 сутак.

Nashaniva.com