Расія ўжыла супраць Украіны суперновыя планіруючыя бомбы

Бомбу УПАБ-1500В у Расіі ўпершыню прадэманстравалі толькі ў 2019 годзе, яна прызначана для ўдараў па высокаабароненых аб'ектах на адлегласці да 40 км.

05.03.2023 / 10:09

Першае ўжыванне гэтага віда боепрыпасаў зафіксавалі некалькі тыдняў таму супраць аднаго з аб'ектаў у Чарнігаўскай вобласці на поўначы Украіны, піша ўкраінскі рэсурс Defense Express. Пра гэта яму стала вядома з уласных крыніц — на адным з абломкаў былі рэшткі маркіроўкі якая адпавядае менавіта УПАБ-1500в.

Важыць такая кіраваная бомба 1500 кг.

Гэты боепрыпас упершыню быў прадэманстраваны ў экспартнай версіі з індэксам К029БЭ у 2019 годзе распрацоўшчыкам «ГНПП «Рэгіён», якое ўваходзіць у карпарацыю «Тактычнае ракетнае ўзбраенне» на выставе МАКС.

Тады ж было паведамлена, што гэтая бомба ўжо прайшла выпрабаванні, пастаўлена на ўзбраенне Паветрана-касмічных сілаў Расіі і атрымала першыя экспартныя замовы.

Высокая небяспечнасць УПАБ-1500в — у тым, што яна планіруючая, абсталяваная інерцыяльнай і спадарожнікавай сістэмай навігацыі і мае баявую частку вагой 1010 кг, прызначаную для знішчэння высокаабароненых аб'ектаў. Дэкларуецца, што бомба можа скідацца за 40 км ад цэлі, для чаго самалёт-носьбіт мае падняцца на вышыню 14 км.

УПАБ-1500в, крылы ў складзеным стане

Адзначым, што таксама «ГНПП «Рэгіён» прадэманстравала і меншага калібра боепрыпас УПАБ-500В (індэкс К08Б), паменшаную копію УПАБ-1500в вагой 505 кг, з якіх 390 кг прыпадаюць на баявую частку пры захаванні іншых асаблівасцяў.

УПАБ-500в (індэкс К08Б)

Выкарыстанне планіруючых бомбаў Расіяй застаецца адзінкавымі з'явамі. Прычым забеспячэнне высокай далёкасці палёту патрабуе ад авіяцыі палёту на значнай вышыні, што спрашчае выяўленне цэлі і яе збіццё. Магчыма, што збіты на днях ў раёне Енакіева франтавы бамбавік Су-34 якраз і выконваў палёт з такімі боепрыпасамі.

Nashaniva.com