Выбары ў Эстоніі і Літве: сувязь з Масквой стала стыгмай нават для расійскамоўнага выбарца

Прарасійскія і папулісцкія партыі панеслі цяжкія страты. У Эстоніі ліберальна-кансерватыўная Рэфармісцкая партыя ўмацавала свае пазіцыі.

06.03.2023 / 19:38

45-гадовая Кая Калас мае ўсе шанцы зноў узначаліць Эстонію. Фота Delfi

Парламенцкія выбары ў Эстоніі прынеслі перамогу кіраўнічай Рэфармісцкай партыі (Eesti Reformierakond). Партыя Каі Калас павялічыла колькасць мандатаў з 34 да 37. Усяго ў Рійгікогу 101 месца.

У той жа час выбары сталі цяжкім ударам для Цэнтрысцкай партыі (Eesti Keskerakond), якая традыцыйна абапіралася ў значнай ступені на расійскамоўны электарат. Яна страціла 10 мандатаў і будзе мець толькі 16.

На два мандаты менш, чым раней, атрымала Кансерватыўная народная партыя (EKRE). Гэта правапапулісцкая партыя.

На папулісцкія партыі тыпу Цэнтрысцкай і Кансерватыўнай народнай ва ўсіх краінах Еўропы ў апошнія дзесяцігоддзі традыцыйна рабіла стаўку Расія.

У той жа час выбары сталі вялікім поспехам для ліберальнай партыі «Эстонія 200» (Erakond Eesti 200). Яна атрымала 14 мандатаў, тады як у ранейшым складзе парламента яна рэпрэзентаваная не была.

У Рыйгікоку прайшлі таксама сацыял-дэмакраты і нацыяльна-кансерватыўная партыя «Дзеля Айчыны» (Isamaa), якія складалі мінулую ўрадавую кааліцыю разам з рэфармістамі.

На гэтых выбарах у Эстоніі ўпершыню больш людзей прагаласавала электронна, чым ужывую — электронна галасавалі пераважна маладыя выбарцы. Эстонія — адзін з сусветных лідараў па развіцці лічбавых тэхналогій.

Па выніках выбараў рэфармісты змогуць самі выбраць, з кім уступіць у кааліцыю. Іх партнёрамі па ўрадзе змогуць стаць як лібералы, так і ранейшыя кааліцыянты.

У нядзелю выбары адбыліся і ў Літве — мясцовыя.

Найбольш галасоў на іх атрымалі дзве мэйнстрымныя партыі: сацыял-дэмакраты з 17% і кансерватары (хрысціянскія дэмакраты — саюз Айчыны) з 16% галасоў.

12% сабралі рэгіянальныя і лакальныя спісы, якія традыцыйна карыстаюцца падтрымкай на мясцовых выбарах.

Высокія вынікі паказалі таксама Саюз зялёных і сялян (9%), Рух лібералаў (7%), які ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, і наваствораны Саюз дэмакратаў «Дзеля Літвы» экс-прэм'ера Саўлюса Сквярняліса з 6%.

У той жа час папулісцкія партыі, якія абапіраюцца ў значнай ступені на расійскамоўнае насельніцтва, выйшлі са стратамі. Так, Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысціянскіх сем'яў Вальдэмара Тамашэўскага набрала 5% галасоў. Столькі ж атрымала партыя «Свабода і справядлівасць», у свой час заснаваная адхіленым ад улады шляхам імпічмента прэзідэнтам Раландасам Паксасам, а Партыя працы, заснаваная бізнэсоўцам Віктарам Успаскіх, набрала 4%.

За пасаду мэра Вільні ў другім туры пазмагаюцца кансерватар Валдас Бенкунскас і кандыдат ад «Свабоды і справядлівасці» Артурас Зуокас.

На вынікі выбараў у Літве і Эстоніі паўплывала вайна ва Украіне. Выглядае, што сувязь з Масквой стала стыгмай нават для расійскамоўнага выбарца.

Nashaniva.com