Еўрасаюз да канца сакавіка падрыхтуе больш за 11 тысяч украінскіх вайскоўцаў

На прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы міністраў абароны краін ЕС у Стакгольме вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль паведаміў, што вайсковая місія Еўрасаюза да канца сакавіка завершыць падрыхтоўку больш за 11 тысяч украінскіх вайскоўцаў.

08.03.2023 / 18:54

Жазэп Барэль. Скрыншот з відэа

«Наша місія падрыхтуе больш за 11 тысяч чалавек да канца сакавіка і 30 тысяч — да канца года», — сказаў Барэль.

Украінскія вайскоўцы вучацца абыходзіцца з заходняй сучаснай зброяй і тэхнікай, якія перадаюцца Украіне краінамі НАТА для адпору расійскай агрэсіі.

Акрамя таго, Барэль анансаваў вылучэнне мільярда еўра з Еўрапейскага фонду міру для фінансавання паставак боепрыпасаў Украіне. Яшчэ 1 млрд еўра будзе выдзелены для сумесных закупак боепрыпасаў калібра 155 мм.

Сёння паслы ЕС фармальна зацвердзілі павелічэнне фінансавання Еўрапейскага фонду міру на 2 млрд еўра.

Nashaniva.com